У Беларусі на чацвер і пятніцу аб'явілі аранжавы ўзровень небяспекі
У Беларусі на чацвер і пятніцу сіноптыкі аб'явілі аранжавы ўзровень небяспекі. Прычына — моцны вецер, яго парывы будуць дасягаць 15-18 метраў за секунду. Як інфармуе "Беларусь сегодня", 28 лютага ў другой палове дня моцны вецер прагназуецца на захадзе нашай краіны, 1 сакавіка — амаль па ўсёй Беларусі.
У чацвер уначы тэмпература паветра складзе ад -3 да +3 градусаў, удзень — ад +1 да +7 (на Брэстчыне — да 9 цяпла). Пройдуць мокры снег і дождж. У пятніцу на працягу сутак тэмпература паветра складзе ад 5 градусаў марозу да 0, уначы на поўначы яна можа апусціцца да -7 градусаў, а ўдзень — падняцца на паўднёвым захадзе да 2 цяпла. Кароткачасовы снег і слабая завіруха ўначы магчымыя па ўсёй краіне, а ўдзень — пераважна на ўсходзе.
2 сакавіка невялікія ападкі чакаюцца толькі месцамі. У начныя гадзіны будзе ад -4 да -11 градусаў, удзень — ад -4 да +2 градусаў.