У Беларусі пачалі павялічваць мінімальны стаж для атрымання пенсіі
У Беларусі пачалі павялічваць мінімальны стаж для атрымання пенсіі. Ужо сёлета такі мінімальны стаж будзе роўны 15 гадам і шасці месяцаў, а праз год вырасце яшчэ на шэсць месяцаў. Так гэты паказнік паступова давядуць да 20 гадоў. Такія нормы закладзеныя ва ўказ №534 ад 31 снежня 2015 года, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Паводле ўказа, права на працоўную пенсію па ўзросце, за выслугу год з 1 студзеня 2016 года маюць асобы, якія адпрацавалі 15,5 гадоў з выплатай абавязковых страхавых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны. Пачынаючы з 1 студзеня 2017 года гэты стаж працы штогод з 1 студзеня павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў.
Указ таксама вызначае, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія працуюць у Беларусі ці з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, падлягаюць абавязковаму сацыяльнаму страхаванню на тых самых умовах, што і беларускія грамадзяне.
Таксама ў дакуменце сказана, што пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняга заробку ажыццяўляецца на падставе прэзідэнцкіх указаў не меней як адзін раз на год, паведамляе БЕЛТА.
Фота з архіву