У Беларусі падлічваюць страты пасля цыклону "Фаб'ен" (фота)
У Беларусі падлічваюць страты пасля цыклону "Фаб'ен". Ён прыйшоў у нашу краіну ўначы, рухаўся праз Брэсцкую вобласць, поўдзень Мінскай, Магілёўскую і Гомельскую вобласці, пасля чаго сышоў у Расію (хуткасць руху цыклону складала каля 60 км за гадзіну).
Як паведамляе прэс-служба МНС, у Брэсцкай вобласці ратавальнікі і спецыялісты іншых службаў 17 разоў выязджалі на ліквідацыю наступстваў стыхіі. Вецер дасягаў 20 м/с, ён ламаў дрэвы. Былі пашкоджаныя 2 аўтамабілі і 1 будынак. Ніхто з людзей не пацярпеў. БЕЛТА дадае са спасылкай на "Брэстэнерга", што да 14-й гадзіны электрычнасць з'явілася ў 25 населеных пунктах, дзе падчас праходжання цыклону адбыліся адключэнні. Гэта ў асноўным Кобрынскі, Бярозаўскі і Пінскі раёны.
У Гомельскай вобласці парывы ветру дасягалі 20 м/с. У Лельчыцкім і Брагінскім раёнах электрычнасць знікла ў 101 населеным пункце. На 15:00 без святла заставаліся яшчэ 67 населеных пунктаў у Лельчыцкім раёне. У Гомелі ўпала дрэва і пашкодзіла аўтамабіль. Дрэвы падалі і ў Магілёўскай вобласці (Бабруйск, Бабруйскі, Магілёўскі і Кіраўскі раёны), ніхто з людзей не пацярпеў.
У Мінскай вобласці электрычнасць знікла ў 21 населеным пункце (Барысаў, Жодзіна, Мінскі, Любанскі, Пухавіцкі і Смалявіцкі раёны). На 16:00 без святла яшчэ заставаліся 14 населеных пунктаў.
Сіноптыкі папярэджваюць, што ў бліжэйшыя суткі тэрыторыя Беларусі будзе заставацца пад уплывам "Фаб'ена", чакаюцца моцныя дажджы, месцамі залевы і шквалісты вецер, інфармуе тэлеканал АНТ.