У Беларусі пандэмія не паўплывала на статыстыку хатняга гвалту
У Беларусі зноў усё лепш, чым у многіх іншых / Еўрарадыё
Пандэмія каранавіруса і масавыя пратэсты пасля выбараў не паўплывалі на рост зарэгістраваных выпадкаў хатняга гвалту ў беларускіх сем'ях. У міліцыі сцвярджаюць, што, наадварот, статыстыка паляпшаецца. У тым ліку і па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах на бытавой глебе.
За 2020 год у Беларусі зарэгістравана 2232 выпадкі хатняга гвалту. У 2019-м іх было 2541, у 2018-м — 2586.
“Сітуацыя з пандэміяй карэнным чынам не паўплывала на статыстыку. Гэта значыць, скачка ў які-небудзь бок не было, — кажа намесніца начальніка аддзела ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Вольга Сакалоўская. — Што да выбараў, улічваючы тое, што ў прычынах канфліктаў ніхто не пазначаў палітычную падаплёку, аналізаваць нам не было чаго".
Падчас пандэміі каранавіруса ў 2019–2021 гадах мноства краін паведамілі пра абвастрэнне праблемы гвалту ў сем'ях і ў партнёрскіх адносінах. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, адзначаючы "жудасны глабальны ўсплёск гвалту", заклікаў дамачадцаў да "замірэння". А Еўрапарламент заявіў: "Мы не пакінем жанчын Еўропы сам-насам з праблемай".
Пра тое, як перажываюць гэту праблему ў свеце, можна пачытаць у "Вікіпедыі". Пра сітуацыю ў Беларусі там няма ні слова.
"Мы можам сказаць, што COVID-19, вядома, унёс пэўныя змены. Многія людзі пераасэнсавалі ўзровень стаўлення да сябе, да свайго здароўя, у тым ліку псіхалагічнага. Але статыстыка не змянілася, трохі павысіўся ўзровень трывожных расстройстваў. Каранціну не было, людзі хадзілі на працу. Выглядае на тое, што шведская мадэль сябе апраўдала", — кажа вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Інэса Грыгор'ева.
Атрымліваецца, што ў Беларусі зноў усё лепш, чым у многіх іншых. І мяркуючы па каментарах супрацоўніцы МУС, нават размовы "за палітыку" ў год выбараў не змаглі сапсаваць агульную карціну.
"Можа быць, і былі нейкія разборкі на кухні, але каб хтосьці казаў, маўляў, я яе пабіў, таму што яна галасавала за таго, а я за таго, такога ніхто не агучваў", — кажа Вольга Сакалоўская.
А можа быць, большасць беларусаў проста сышліся ў палітычных поглядах і прычын для такіх "кухонных разборак" проста не было?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.