У Беларусі "паправяць" дзяржаўны герб
Дзяржаўны герб Беларусі плануецца змяніць. Праект закона аб зменах у закон аб дзяржаўных сімвалах распрацавала Міністэрства юстыцыі. У каментары Радыё "Свабода" прадстаўнікі Мінюста паведамілі, што змены плануюцца нязначныя. Працавала над тэхнічнымі зменамі геральдычная рада пры прэзідэнце Беларусі.
У верхняй частцы герба падкарэктуюць выяву зоркі: яна прадстаўленая ў плоскасным варыянце з контурнай абводкай. Краі промняў будуць мець нязначны нахіл — там мяняецца градыент. У Мінюсце тлумачаць, што так герб будзе выглядаць больш аб'ёмным, як у 3D-выяве.
Што яшчэ зменіцца:
мадэляванне формы каласоў у правай і левай частках прыведзена ў дэкаратыўным варыянце;
змененыя канцы асцюкоў, выявы кветак канюшыны і лёну сталі больш аб’ёмнымі;
удакладненая выява стылізаванага контуру тэрыторыі дзяржавы;
выявы мацерыкоў сталі больш выразнымі і геаграфічна выверанымі;
сеткі паралеляў і мерыдыянаў не будуць ярка выяўленымі, стануць танчэйшымі;
больш выразным будзе мастацкае рашэнне стужкі з надпісам "Рэспубліка Беларусь".
У Мінюсце кажуць, што на карэктаванне дзяржаўнага гербу пайшлі пад уплывам зваротаў грамадзян.
"Менавіта ад грамадзян гучала прапанова змяніць грані зоркі, бо ў папярэднім варыянце грані вельмі выразныя, і быў нейкі мілітарысцкі характар, як у вайсковай зоркі. Дык вось ад гэтага адышлі, зорка стала больш аб’ёмнай", — кажуць у прэс-службе.
Акрамя таго, зялёны контур Беларусі замянілі на залаты, каб ён лепш спалучаўся з сонечнымі промнямі.
Мяняць "старыя" гербы на "новыя" ў дзяржаўных установах будуць паэтапна, вылучаць спецыяльныя грошы на гэта не плануецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.