У Беларусі паскорыўся рост цэн на паслугі і прадукты харчавання
Прадуктовы магазін / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
На фоне стрымлівання коштаў у Беларусі павялічваецца ўнутраны попыт. Вынікам гэтага стала паскарэнне росту коштаў на харчовыя тавары і паслугі, кажуць у Еўразійскім банку развіцця. Калі ў чэрвені гадавы рост коштаў на прадукты і паслугі быў 3,6% і 6,9% год да года, то ў ліпені ўжо 3,9% і 7,1% адпаведна.
Але ў цэлым, адзначаюць эксперты, гадавая інфляцыя ў Беларусі запавольваецца. Спажывецкія кошты ў ліпені выраслі на 2,7% год да года. У чэрвені, нагадаем, рост быў 2,9%, у траўні — 3,7%. Гэта стала магчымым дзякуючы зніжэнню ў ліпені коштаў на нехарчовыя тавары на 2% год да года. "На такую дынаміку інфляцыі аказвае ўплыў цэнавае рэгуляванне, якое абмяжоўвае гранічны памер гандлёвай нацэнкі", — адзначаюць эксперты. Акрамя таго, адбіваецца ўмацаванне беларускага рубля да расійскага. Але ў перспектыве — за кошт росту ўнутранага попыту і дэфіцыту на рынку працы — інфляцыя ў Беларусі будзе паскарацца. Гэта адбудзецца ў IV квартале, мяркуюць эксперты. Нагадаем, на думку аналітыкаў ЕАБР, гадавая інфляцыя ў Беларусі па выніках 2023 года складзе 7,8%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.