У Беларусі плануюць збіраць красоверы бізнес-класа

Красоверы будзе збіраць прадпрыемства "Юнісон" / unison.by

Красоверы будзе збіраць прадпрыемства "Юнісон" / unison.by

З верасня ў Беларусі пачнецца зборка з кітайскіх машынакамплектаў красоверы бізнес-класа. Пра гэта распавёў тэлеканалу АНТ віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык. Пра які брэнд ідзе гаворка, ён не ўдакладніў. Па словах Пархомчыка, красоверы зараз праходзяць сертыфікацыю. Зборку будзе ажыццяўляць прадпрыемства "Юнісон". "Гэтыя машыны не будуць перасякацца з той прадукцыяй, якую вырабляе кампанія Geely. Гэтыя красоверы трошкі, скажам, больш такога бізнес-класа, больш дарагія", — адзначыў Пархомчык.

На магутнасцях прадпрыемства" Юнісон " у розныя гады, нагадаем, збіралі аўтамабілі Ford, Citroen, Peugeot і шэраг іншых марак. Спрабавалі збіраць і кітайскія аўтамабілі Changan, але ў 2021 годзе праект быў прыпынены.

Пархомчык таксама распавёў, што летась на прадпрыемстве "БелДжы" сабралі каля 30 тысяч аўтамабіляў. Для рынку гэта аказалася недастаткова. Таму сёлета Лукашэнка запатрабаваў вырабіць 60 тысяч легкавых аўтамабіляў. Пархомчык сцвярджае, што гэтая задача "беспярэчна будзе выкананая". 40 тысяч аўтамабіляў, паводле яго, ужо сабраныя і прададзеныя. Але ёсць яшчэ адна праблема, якую беларускія ўлады спрабуюць вырашыць ужо каторы год — гэта лакалізацыя кампанентнай базы. За два гады кампанія "БелДжы" павінна стварыць штамповачную вытворчасць, каб рабіць усе кампаненты кузава. Абмяркоўваюцца, са слоў Пархомчыка, і "пытанні глыбокай лакалізацыі, уключаючы і рухавік унутранага згарання".

Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны большасць аўтамабільных брэндаў пакінулі рынак гэтай краіны, а таксама Беларусі, якую лічаць суагрэсарам. Лідарам продажаў у РБ на фоне сыходу большасці сусветных брэндаў сталі аўтамабілі Geely.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі