У Беларусі ўзгадняецца план законапраектаў на 2019 год
План законапраектаў на 2019 год у Беларусі знаходзіцца на ўзгадненні ў кіраўніка дзяржавы. Пра гэта тэлеканалу СТВ распавёў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў. Інтэрв'ю з ім выйшла ў эфір 16 снежня.
Па словах Іпатава, падчас фармавання плана цэнтр заканадаўства атрымаў больш за 140 прапановаў — як ад дзяржорганаў, так і ад суб'ектаў гаспадарання і грамадскіх арганізацыяў.
У плане законапраектаў ёсць так званы бюджэтны пакет — яго складаюць шэсць законапраектаў. Унесеныя ў план таксама папраўкі ў законы па абароне правоў людзей з інваліднасцю. Ёсць у ім і закон, які будзе рэгуляваць пытанні рэгістрацыі юрыдычных асобаў.
Для заканадаўства ў 2018 годзе Іпатаў назваў адпраўной кропкай два дэкрэты, прынятыя напрыканцы мінулага года — дэкрэт №7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" і дэкрэт №8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі".