У Беларусі затрымалі ўдзельнікаў кантрабанды прэпарата ад дыябету
Лекі везлі пад выглядам тавараў для асабістага карыстання
У Беларусі затрымалі ўдзельнікаў кантрабанды прэпарата ад дыябету Ozempic (ён таксама выкарыстоўваецца для пахудання). Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, схему арганізаваў 56-гадовы грамадзянін Расіі. У Польшчы ён раздаваў лекі розным людзям, каб яны іх перавезлі праз мяжу "пад выглядам тавараў для асабістага карыстання". Знайсці іх дапамагаў 54-гадовы жыхар Брэста. Ён жа збіраў пасля праезду праз пункт пропуску "Брэст" прэпарат. Па месцы жыхарства мужчыны знайшлі Ozempic на агульны кошт каля 570 тысяч рублёў.
А ўсё пачалося з таго, што на аўтадарозе М1 спынілі для праверкі Audi, якім кіраваў грамадзянін Беларусі. Па словах мужчыны, ён ехаў у РФ. У багажніку знайшлі 378 упаковак згаданага медыцынскага прэпарата. Пачалося расследаванне, якое і прывяло да выяўлення "злачыннай схемы ўвозу буйной партыі лекавых сродкаў, абмежаваных да перамяшчэння праз мытную мяжу ЕАЭС".
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "кантрабанда, здзейсненая групай асоб". Яе фігурантам пагражае да 10 гадоў зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.