У Беларусі збіраюцца зачыніць адзін з дзяржаўных тэатраў — СМІ
Тэатр "Батлейка"
Пад пагрозай закрыцця апынуўся Мінскі абласны тэатр лялек "Батлейка", які працуе ў Маладзечне, піша "Зеркало" са словаў чытачоў.
На мінулым тыдні ў тэатры адбыўся сход калектыву, на які прыязджалі чыноўнікі. Дырэктарку тэатра Таццяну Чаеўскую звольнілі, а калектыву прапанавалі знайсці новага больш эфектыўнага кіраўніка. Таксама не былі падоўжаныя кантракты галоўнаму бухгалтару, галоўнаму адміністратару, двум работнікам майстэрняў, касцюмеру і двум прыбіральшчыцам. Замяніць іх няма кім, бо заробкі ў гэтай сферы традыцыйна невысокія.
Выканаўцам абавязкаў дырэктара прызначылі аднаго з тэхнічных работнікаў тэатра. Выказваюцца меркаванні, што ён мае распараджэнне не працягваць кантракты іншым супрацоўнікам і не перашкаджаць тым, хто хоча сысці раней за тэрмін заканчэння кантракту. Такім чынам, праз пэўны час у "Батлейцы" проста будзе няма каму працаваць.
Паводле чутках, тэатр могуць далучыць да маладзечанскага Палаца культуры. Але пацверджання гэтай інфармацыі няма.
Тэатр "Батлейка" існуе з 1990 года. Ён неаднаразова быў узнагароджаны дыпломамі і прызамі на міжнародных фестывалях тэатраў лялек Беларусі, Расіі, Малдовы, Украіны, Літвы, Германіі, Італіі, Сербіі, Польшчы.
Праблемы ў "Батлейкі" з'явіліся паўтара года таму. У кастрычніку 2022 года было запланавана далучыць "Батлейку" як філіял да Мінскага абласнога драмтэатра, які працуе ў тым жа Маладзечне. Перашкодзілі юрыдычныя акалічнасці: выявілася, філіял павінен размяшчацца ў іншым населеным пункце, чым асноўная арганізацыя.
Дарэчы,у 2023 годзе ўжо спыніў сваё існаванне сталічны Тэатр аднаго акцёра "Зніч".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.