У “Белавіі” правіла “дзвюх асобаў” у кабіне пілота ўжо дзейнічае

Беларускія паветраныя рэйсы ўжо працуюць паводле “правіла двух асобаў”. Пра гэта заявіў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Ігар Чаргінец.

“Тыя нормы, якія цяпер ўводзяцца ў некаторых авіякампаніях свету, у “Белавіі” дзейнічаюць досыць даўно. Напрыклад, у той час, калі кабіну пакідае адзін з двух пілотаў, там абавязкова знаходзіцца бортправаднік”, — сказаў Чаргінец. Ён таксама адзначыў, што такая норма ўвайшла ў правілы, зацверджаныя яшчэ ў 2014 годзе, перадае БЕЛТА.

Ігар Чаргінец звярнуў увагу, што ў авіякампаніі “вельмі ўважліва падыходзяць да падбору лётнага персаналу, а таксама выконваецца далейшы кантроль за фізічным і псіхічным здароўем пілотаў”.

Напярэдадні “правіла дзвюх асобаў” увяла Аўстралія. Цяпер там, у самалётах змяшчальнасцю больш за 50 чалавек, бортправаднік мусіць прысутнічаць у кабіне падчас адсутнасці аднаго з пілотаў. Такое правіла будзе ўжывацца для ўсіх унутраных і міжнародных рэйсаў аўстралійскіх авіякампаніяў, перадае Reuters.

Такія ж меры прынялі Канада, ААЭ, Новая Зеландыя  а таксама шэраг еўрапейскіх краінаў.

Нагадаем, паводле асноўнай версіі следства, авіякатастрофа Airbus A320 адбылася, бо другі пілот замкнуўся ў кабіне і скіраваў самалёт у горы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі