У Брэсце будуць судзіць жанчыну, якая нанесла надпіс на паштовую скрыню суддзі
У Брэсце будуць судзіць 36-гадовую жанчыну, якая нанесла абразлівы надпіс на паштовую скрыню суддзі. Яе знайшлі з дапамогай камер відэаназірання, была распачата крымінальная справа. Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, здарэнне адбылося ў снежні мінулага года. Увечары ў пад'ездзе шматкватэрнага дома жанчына "з выкарыстаннем неўстаноўленага прадмета нанесла на дзверцы паштовай скрыні суддзі абразлівы надпіс, разлічваючы на яго неаднаразовае прачытанне і ўспрыманне".
Крымінальную справу распачалі па факце "абразы суддзі ў сувязі са здзяйсненнем ім правасуддзя" (арт. 391 КК). Жанчыне пагражае штраф, папраўчыя працы — да двух гадоў, арышт ці абмежаванне волі — да трох гадоў. Пракуратура накіравала справу ў суд. Жыхарка Брэста знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
За ўдзел у пратэстах 2020 года ў Брэсце ўжо асуджаныя дзясяткі чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.