У Брэсце ДАІ спыніла п'янага маршрутчыка
Увечары 5 кастрычніка каля 19-й гадзіны дзяжурная частка ДАІ ў Брэсце атрымала паведамленне ад відавочцаў пра "дробнае" ДТЗ у двары на вуліцы Суворава. Паведамлялася, што ў здарэнні ўдзельнічаў аўтамабіль "Мерсэдэс Спрынтар".
Праз 15 хвілін інспектары знайшлі "Мерсэдэс" на скрыжаванні вуліц Суворава і 28 Ліпеня. Як паведамляе ДАІ Брэста, кіраваў ім 34-гадовы брэстаўчанін, чый фізічны стан насцярожыў даішнікаў: у мужчыны літаральна заплятаўся язык. Медагляд выявіў у яго 3,12 праміле алкаголю. Пры гэтым сам кіроўца заявіў, што зранку толькі выпіў піва, бо ў яго выходны дзень.
Пры гэтым на аўтамабілі былі замацаваныя рэгістрацыйныя знакі катэгорыі "ТАХ". Кіроўца так і не змог патлумачыць інспектарам, ці быў ён на маршруце і чаму не змяніў знакі з "ТАХ" на звычайныя, калі на маршруце не быў.
На мужчыну склалі адміністрацыйны пратакол, а аўтамабіль змясцілі на штрафстаянку.