У Брэсце міліцыя распячатала прафсаюзны офіс (фота)

У чацвер знялі пячаткі з дзвярэй офіса рэгіянальнага прадстаўніцтва Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Брэсце. Нагадаем, 18 траўня ён быў узламаны міліцыянтамі з дапамогай слесара, абшуканы і апячатаны.  Супрацоўніца прафсаюза Аляксандра Худасоўцава сказала Еўрарадыё:

"Забралі прафсаюзныя і нашы асабістыя рэчы. Мой ноўтбук, які мы з мужам куплялі. Там яшчэ дыск быў з Правіламі дарожнага руху, асабістыя фатаграфіі. Забралі адзін сістэмны блок, які мы выкарыстоўвалі як падстаўку для чайніка, бо стары, павольна працуе, і другі блок, ён суседзям належыць. Яны робяць рамонт і папрасілі, каб ён у нас пастаяў".

Ператрус быў і дома ў кіраўнічкі Брэсцкай рэгіянальнай структуры прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіды Міхнюк. Міліцыя не рабіла акцэнту на кампанію “Гавары праўду”, кажа спадарыня Міхнюк:

"У мяне прыватны дом, недабудаваны. Ёсць там адзін пакой такі, як склад служыць. Дык перарылі ўсё. Старыя бюлетэні прафсаюзныя, неактуальныя ўжо, звезлі. На вышках знайшлі улёткі 2004 года, крыху засталося. Балатавалася я ў палату прадстаўнікоў. Хацела, каб унукам памяць якая засталася. Усе павезлі. Дакументы першаснай суполкі прафсаюза “Цветатрон” знайшлі. Адміністрацыя выставіла яе з завода, не дае юрыдычнага адрасу. Я старшыня суполкі на грамадскіх пачатках. Дома дакументы трымаю, зручней так працаваць. Дык знайшлі дакументы, пячатку, забралі".

Хадзілі па градках, шукалі, кажа Зінаіда Міхнюк. А ў офісе сейф дрылем адкрылі, хоць ключ ляжаў на стале ў падстаўцы пад каляндар. У сейфе грошы асабістыя былі, брат на захаванне даў. Дома менш бяспечна, мы з мужам падумалі, хай у сейфе ляжаць лепш. У брата быў раней інфаркт, каб цяпер другі не здарыўся ад усяго гэтага, баіцца Зінаіда Міхнюк. 

Прафсаюзніцы рыхтуюць скаргі на неналежна аформлены спіс вынятай маёмасці і церазмерныя дзеянні міліцыі.



На здымку: Старшыня Брэсцкай рэгіянальнай арганізацыі прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі