У Брэсце невядомы напаў на журналістаў "Белсату" (відэа)
Потым іх забралі ў пастарунак.
У Брэсце 1 чэрвеня адбыўся інцыдэнт з журналістамі Алесем Леўчуком і Міланай Харытонавай. Падчас здымак відэасюжэту да іх падбег невядомы мужчына і спрабаваў забраць відэакамеру. Мужчына паваліў Леўчука на зямлю. У справу ўмяшалася міліцыя, але ў пастарунак забралі журналістаў, паведамляе Радыё "Свабода".
Ляўчук і Харытонава здымалі сюжэт пра шкоду палення. Канфлікт адбыўся пасля таго, як да журналістаў падбег хлопчык і пачаў перашкаджаць здымаць. Харытонава зрабіла заўвагу, пасля чаго ўмяшаўся невядомы мужчына — верагодна, бацька дзіцяці. Ён пачаў штурхаць журналістаў і абражаць.
Міліцыянты завезлі журналістаў у пастарунак і ўзялі тлумачэнні. Па словах Леўчука, міліцыянты паводзілі сябе карэктна.
Дарэчы, раней Леўчука ўжо неаднойчы судзілі за супрацу з тэлеканалам "Белсат". У выніку двух судоў за апошнія паўгода яго аштрафавалі на 10 мільёнаў рублёў.