У Брэсце прапаршчык пачаў страляць на тэрыторыі вайсковай часці
З дапамогай хітрасці стралка ўдалося ўсыпіць снатворным.
Як паведамляе інтэрнэт-партал tomin.by, надзвычайнае здарэнне адбылося ў адной з вайсковых часцей у мясцовасці Чырвоны Бор пад Брэстам. 35-гадовы загадчык склада ўзбраення забарыкадаваўся ў адным з памяшканняў часткі і пачаў страляць у дзверы.
На месца здарэння неадкладна прыбылі кіраўнікі сілавых ведамстваў, байцы аддзела спецыяльнага прызначэння, БТР, хуткая дапамога. На перамовы з прапаршчыкам з лякарні выклікалі ягоную жонку, аднак яна не дапамагла супакоіць мужа.
Пасля паўночы вайсковец папрасіў у перамоўшчыкаў папіць. Яму перадалі шклянку з вадой, у якую засыпалі снатворнае. Праз нейкі час стралок заснуў. На шчасце, пры здарэнні ніхто не пацярпеў.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў:
Макараў: "Адзінае, што магу сказаць: ніхто не пацярпеў, ідзе разбіральніцтва".
Фота — tsn.ua