У Бярозаўскім раёне на пажары загінулі пенсіянерка і яе сын

У Бярозаўскім раёне на пажары загінулі пенсіянерка і яе сын

Два чалавекі загінулі на пажары ў Белаазёрску, што ў Бярозаўскім раёне. Здарэнне адбылося ў ноч на 10 студзеня: загарэлася кватэра на 5-м паверсе шматкватэрнага дома па праспекце Міру. Падчас ліквідацыі пажару выратавальнікі знайшлі на канапе труп гаспадыні кватэры, пенсіянеркі 1950 года нараджэння. Таксама ў іншым пакоі знайшлі труп сына гаспадыні, мужчыны 1974 года нараджэння. Ён ляжаў на падлозе пад шафай. У якасці магчымай прычыны ўзгарання выратавальнікі называюць неасцярожнасць пры курэнні, якую дапусціў мужчына.

Гэтай жа ноччу моцны пажар здарыўся ў Баранавічах, праўда, тут абышлося без чалавечых ахвяраў. Узгаранне адбылося ў аднапакаёвай кватэры, дзе жыве 79-гадовы пенсіянер разам з 50-гадовым непрацуючым сынам. Апроч жыхароў кватэры там было двое гасцей — мужчына і жанчына. Выратавальнікі вывелі іх на свежае паветра. Уся кампанія была п’янай. Аднаго з пацярпелых шпіталізавалі з атручэннем прадуктамі гарэння, астатнія абышліся без дапамогі медыкаў. Прычынай пажару таксама магла быць неасцярожнасць пры курэнні, паведамляе прэс-служба МНС.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі