У цэнтры Гродна ДАІ і МНС дзве гадзіны лавілі курыцу на дарозе
У цэнтры Гродна 5 кастрычніка МНС і ДАІ дзве гадзіны лавіді курыцу, паведамляе hrodna.life.
Выклікаў іх на дапамогу мясцовы жыхар Станіслаў Цыбінскі: гродзенец заўважыў птушку, якая выбягала на дарогу і магла стварыць аварыйную сітуацыю.
Па словах мужчыны, спярша курыца хадзіла па тратуары, а потым стала выскокваць на дарогу. "Я спрабаваў яе злавіць, бегаў за ёй і адганяў пад мост. Але птушка ўсё роўна выбягала. Тады я вырашыў патэлефанаваць у МНС і міліцыю", — кажа Станіслаў. Дарэчы, спярша над тэлефанаваннямі гродзенца толькі смяяліся. Супрацоўнікі ДАІ прыехалі толькі на пятае тэлефанаванне, але сказалі, што гэта не іх справа, і дапамаглі выклікаць службу па адлове жывёл.
Лаўцы жывёл таксама не хацелі лавіць курыцу, спасылаючыся на іншую спецыфіку — маўляў, яны займаюцца катамі і сабакамі. У выніку яны ўсё ж забралі курыцу ў Пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл. "Паабяцалі, што звяжуцца з мясцовым участковым, які будзе шукаць уладальнікаў птушкі. Агульнымі намаганнямі мы выратавалі курыцу і засцераглі кіроўцаў на дарозе. Спадзяюся, хутка аб’явіцца гаспадар", — дадае Станіслаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.