У чатырох абласцях Украіны дзяржадміністрацыі ўзялі штурмам (відэа)
23 студзеня пратэстоўцы пачалі браць уладу ў свае рукі ў рэгіёнах краіны.
Каля 2 тысяч чалавек пікетавалі абласную дзяржадміністрацыю ў Львове. Пасля некалькі соцень пратэстоўцаў уварваліся ў будынак і занялі яго. Яны прымусілі кіраўніка адміністрацыі Алега Сала напісаць заяву аб звальненні, ад якой ён пасля адмовіўся, інфармуе тэлеканал ТСН.
Як паведамляе espreso.tv, увечары ў чацвер каля Львоўскай абласной дзяржадміністрацыі пачалі будаваць барыкаду. Міліцыя ў Львове, як і мясцовы "Беркут", паводзяць сябе пакуль нейтральна.
У Жытоміры сёння таксама адбыўся штурм абласной дзяржадміністрацыі. Падобны ж штурм ў Роўна адбыўся пасля Народнага веча. Пратэстоўцы, каб патрапіць у будынак, выбілі дзверы. Кіраўніцтва Ровенскай вобласці падало ў адстаўку.
У Хмяльніцкім пратэстоўцы таксама захапілі будынак абласной дзяржадміністрацыі. Яны забарыкадавалі ўезд на тэрыторыю. У цэнтры горада абвешчаная бестэрміновая акцыя.
А вось у Палтаве штурм атрымаўся няўдалы. Людзей спыніў мясцовы начальнік міліцыі, які зняў шапку, каб ушанаваць хвілінай маўчання памяць загінулых у Кіеве, а пасля заспяваў з прысутнымі гімн Украіны. У выніку, натоўп ад сваіх планаў адмовіўся.
На раніцу пятніцы каля Луцкай абласной адміністрацыі збіраюцца пратэстоўцы, для таго, каб пагаварыць з абласным кіраўніцтвам.
Фота — УНІАН