У Чэхіі разам з жонкай затрыманы кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола
У Чэхіі разам з жонкай затрыманы кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў. Яго падазраюць у парушэнні правілаў уезду ў гэтую краіну. Базанавы знаходзяцца ў адным з паліцэйскіх участкаў, паведамляе denikn.cz.
Базанава і яго жонку затрымалі ў Чэхіі праз “падазрэнне ў парушэнні мер абароны, якія ўстанавіла Міністэрства аховы здароўя”. Адбылося гэта падчас планавай праверкі па месцы жыхарства, паведамляе прэс-служба мясцовай паліцыі. "Мы таксама вывучаем законнасць іх знаходжання на нашай тэрыторыі ў адпаведнасці з Законам аб пражыванні іншаземцаў", — гаворыцца з паведамленні ведамства.
Раней міністр замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганек заявіў, што Уладзіміра Базанава дэпартуюць з краіны, калі высветліцца, што ён знаходзіцца ў Чэхіі. Кіраўнік федэрацыі прыехаў у гэтую краіну, каб наведаць матч жаночай зборнай Беларусі з мясцовымі футбалісткамі (яго ў выніку адмянілі).
"Кіраўніку мясцовай футбольнай асацыяцыі Уладзіміру Базанаву няма чаго рабіць у Еўропе", — заявіў сенатар Томаш Чэрнін. Як вядома, праўладны беларускі чыноўнік — фігурант даклада пра злоўжыванні, карупцыю ў беларускім футболе, а таксама аб пераследзе іншадумцаў. Яму пагражае дэпартацыя.
У АБФФ інфармацыю пра затрыманне Базанава пакуль не каментуюць.
Уладзіміру Базанаву 64 гады. Ён — ураджэнец Расіі. Быў вайскоўцам-артылерыстам, даслужыўся да палкоўніка. Быў дэпутатам Брэсцкага абласнога савета, кіраваў футбольным клубам "Дынама-Брэст". Пасля пераехаў у Мінск, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, намеснікам старшыні камісіі па нацбяспецы. З сакавіка 2019-га — кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола. Восенню мінулага года ўключаны ў "чорны спіс" краін Балтыі.
29 лістапада Базанаў адзначыў дзень народзінаў. Ужо на наступны дзень ён патрапіў у чэшскую паліцыю.
UEFA a běloruská fotbalová asociace žádají český fotbal o pomoc. Česká policie zadržela běloruského šéfa fotbalu, který pomáhá Lukasenkovi držet se u moci. Jde o významný signál Bělorusku a lidem takto spřaženým s posledním diktátorským režimem v Evropě. https://t.co/cZATyd5CQZ
— Lukáš Prchal (@lukas_prchal) November 30, 2021
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.