У Эстоніі зачынілася расійскае інфармагенцтва Sputnik
Эстонская філія расійскага дзяржаўнага інфармагенцтва Sputnik з 1 студзеня спыніла сваю дзейнасць. Перад гэтым 35 яго супрацоўнікаў звольніліся пад пагрозай крымінальнага пераследу.
"Эстонская паліцыя і памежная служба высунулі кожнаму з нас ультыматум. Або мы скасоўваем працоўныя дамовы… і больш не працуем на Sputnik у Эстоніі, або яны адкрываюць крымінальныя справы супраць нас", — цытуе Радыё "Свабода" заяву агенцтва.
У снежні 2019 года эстонскія ўлады папярэдзілі мясцовых супрацоўнікаў агенцтва, што яны могуць трапіць пад крымінальную адказнасць у выніку санкцыяў Еўрасаюза супраць Расіі.
Sputnik кантралюецца расійскай дзяржаўнай медыякампаніяй "Россия сегодня". У гэты холдынг уваходзяць таксама тэлеканал RT (вядомы як Russia Today) і агенцтва "РИА Новости".
У 2014 годзе Еўрасаюз увёў персанальныя санкцыі супраць кіраўніцтва "России сегодня", у тым ліку супраць гендырэктара Дзмітрыя Кісялёва.
У снежні прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ заклікаў Эстонію ўстрымацца ад абмежаванняў працы замежных СМІ праз персанальныя санкцыі супраць Кісялёва. МЗС Эстоніі раней заяўляла, што супрацоўнікаў Sputnikʼа лічаць не журналістамі, а прапагандыстамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.