У ФК БАТЭ паведамілі пра беларускую мову на клубных футболках і прызавыя
А гульцы пасля перамогі над “Слованам” шчыра выказаліся пра “паліванне ў інтэрнэце”, якое няспынна суправаджала каманду з пачатку сезона
Разграміўшы браціслаўскі “Слован”, БАТЭ прабіўся ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў. Кваліфікацыя праходзіла на фоне крытыкі, якая няспынна гучала ў адрас беларускага флагмана з самай вясны, і скептыцызму.
Склад жоўта-сініх, на думку некаторых, быў “не такім моцным, як раней”, варатароў БАТЭ заявіла “не такіх, як трэба”, трэнера паставілі “не такога”. Уся гэта крытыка дадатковым грузам ціснула на многіх футбалістаў, як яны прызналіся пасля перамогі.
Але ў матчы са “Слованам” пытанні наконт кваліфікацыі БАТЭ былі знятыя канчаткова. Забілі тры галы, а магло ў вароты славакаў заляцець яшчэ больш. Толькі Віталь Радзівонаў апроч галявога ўдару трапляў і ў перакладзіну, і ў штангу.
Пасля матча нашы футбалісты не толькі дзяліліся з журналістамі радасцю але і выказалі, што думаюць пра бясконцую крытыку.
“Ён усім закрыў раты, хто там пісаў нешта, казаў, ― эмацыйна кажа абаронца Ягор Філіпенка пра галкіпера Сяргея Чэрніка, якому даставалася найбольш. ― Усе мы можам памыляцца. Ва ўсіх былі такія сітуацыі, і у мяне таксама. Спакойна трэба было да гэтага ставіцца. І Сяргей з гонарам выйшаў з гэтай сітуацыі”.
Сам варатар нават пасля перамогі маўкліва абышоў журналістаў.
“Можа быць, крытыка была неабгрунтаваная? Можа, у гэтым уся справа? ― задае рытарычнае пытанне капітан БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч. ― Раз выйшлі ў групавую стадыю, значыцца, мы гэтага заслугоўваем”.
Паўабаронца Сяргей Крывец, які ў лігачэмпіёнскай кваліфікацыі ў многім зрабіў гульню з “Дэбрэцанам” і нястомна тэрарызаваў “Слован”, адразу пасля гульні прызнаецца, што адчувае сябе эмацыйна спустошаным. Але выказвае меркаванне, што дапамагло падняць камандзе баявы дух.
“Тое “паліванне” ў інтэрнэце, якое вылілася на нас, яно толькі нас умацавала, напэўна, ― выказвае меркаванне Сяргей. ― Прымаўка “Што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі” у нашым выпадку цалкам адпавядае сітуацыі”.
Увогуле, футбалісты БАТЭ казалі шмат тых рэчаў, якія кожнаму заўзятару цяпер і так зразумелыя. Каманда зноў падарыла нам лігачэмпіёнскую прыгоду. І калі для беларусаў гэта не ўпершыню, то для харызматычнага Андрэя Якаўлева, які надзеў жоўта-сінюю футболку лічаныя дні таму, гэта звышэксклюзіўная падзея.
“Год таму не мог і падумаць, што такое здарыцца. Цяпер не паспеў вярнуцца з гульні ў распранальню, як адразу ж атрымаў каля 20 эсэмэсак, ― дзеліцца ўражаннямі Андрэй. ― Цяпер у групе хацелася б згуляць з “Барселонай””.
На Радзіме ўраджэнец Харкава Якаўлеў гуляў за юнацкія каманды, потым паехаў у Славакію. Сёлета агент прапанаваў украінца “Слуцку”, і вось, Андрэй ужо ў БАТЭ, і сапраўды мае шанцы пазмагацца з “Барселонай” і іншымі суперклубамі. Дарэчы, другі гол “Словану” Сяргей Крывец забіў з паса Андрэя Якаўлева.
Пасля матчу ўзгадваем з гульцамі БАТЭ самы першы выхад каманды ў Лігу чэмпіёнаў. Быў 2008 год. Каманда у групавой стадыі не перамагала, але згуляла ўнічыю з “Ювентусам”, “Зенітам”, давала бой “Рэалу”.
Тады БАТЭ ў многіх не злазіў з языка.
“Ці праўда, што за першы ў гісторыі Беларусі выхад у групавую стадыю кожны футбаліст каманды атрымаў па “Фольксвагене "Туарэг"?” ― цікавімся і ў шчаслівага гендырэктара БАТЭ Міхаіла Дземянцэвіча.
“Гэта няпраўда. У 2008 годзе на каманду была выдаткавана сума, і галоўны трэнер распісаў ведамасць, які футбаліст у якім аб’ёме аказаў дапамогу. Паводле гэтай ведамасці, і былі выплачаны прэміяльныя”.
Еўрарадыё: Якія “падаруначкі” за выхад у групу атрымаюць футбалісты на гэты раз?
Міхаіл Дземянцэвіч: Апошняе слова за старшынёй праўлення Анатолем Капскім. У мінулыя разы за выхад у групавы этап было 1,6 мільёна еўра прызавых на ўсю каманду. Гэта грошы, якія каманда зарабіла. У гэтым годзе вынік дасягнуты. Думаю, што футбалісты атрымаюць не менш.
Еўрарадыё: Ваш фанацкі сектар аздоблены беларускамоўнымі банерамі. Ці будуць прозвішчы гульцоў на футболках перакладзеныя на родную мову?
Міхаіл Дземянцэвіч: Ідэі ёсць, ідэі будуць здзейсненыя. Віктар Хадасевіч (мэнэджар па развіцці ФК БАТЭ, ― Еўрарадыё) у гэтым плане ў нас вядзе работу. Мяркую, бліжэйшым часам гэта будзе зроблена. У мінулым годзе мы не былі да гэтага гатовыя. Але ніхто не кажа, што ў гэтым мы не падрыхтуемся.
Адзначым, што, паводле дадзеных УЕФА, у сёлетняй Лізе чэмпіёнаў БАТЭ зарабіў 11 мільёнаў 75 тысяч еўра. З іх 8,6 мільёнаў за выхад у групавую стадыю.
Сапернікі БАТЭ ў лігачэмпіёнскай групе вызначацца ўжо ў бліжэйшы чацвер. Наш клуб на лёсаванне патрапіў у 4 кошык.
Фота uefa.com