У Глыбокім кур’ёзна не дазволілі правесці акцыю на Дзень Волі (фота)

У Глыбокім не дазволілі правесці 25 сакавіка акцыю, прысвечаную Дню Волі. Мясцовыя грамадскія дзеячы Яраслаў Берніковіч і Зміцер Лупач яшчэ ў мінулым месяцы падалі ў райвыканкам дзве заяўкі на правядзенне мерапрыемстваў да Дня Канстытуцыі і Дня Волі. Адначасова былі пададзены заявы ў міліцыю, раённую бальніцу і жыллёва-камунальную гаспадарку, у якіх актывісты прасілі заключыць з імі дамовы на ахову грамадскага парадку, прыборку тэрыторыі і аказанне медыцынскіх паслуг падчас акцыі, як таго патрабуе закон.



І калі раённая бальніца і кіраўніцтва ЖКГ выказалі гатоўнасць заключыць такія дамовы, то міліцэйскае начальства Лупачу і Берніковічу адмовіла на падставе закона аб міліцыі, які прадугледжвае заключэнне такіх дамоў толькі пасля атрымання дазволу мясцовых уладаў на правядзенне мерапрыемства. Раённая ўлада ў сваю чаргу мерапрыемствы не дазволіла, бо... няма дамовы з міліцыяй.



Зміцер Лупач і Яраслаў Берніковіч вырашылі падаць позву ў суд, каб той прымусіў кіраўніцтва міліцыі заключыць з імі дамову на ахову грамадскага парадку. Але суд ім у гэтым адмовіў.



“На днях я атрымаў рашэнне глыбоцкага суда, у якім нам адмаўляецца ва ўзбуджэнні справы на аддзел унутраных спраў аб заключэнні гэтай дамовы, — расказвае Зміцер Лупач. — Сваю адмову суддзя Людміла Вашчанка матывуе тым, што мы не выканалі парадак абскарджвання такіх спраў, маўляў, нам трэба было скардзіцца кіраўніцтву віцебскай абласной міліцыі. Што ж паспрабуем, хаця вынік гэтага прадказальны — нідзе ў вобласці падобныя акцыі ў апошнія гады не дазваляліся”.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі