У Гомелі на Дзень Волі наведалі магілу Міхаіла Жызнеўскага
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Гомеля адзначылі Дзень Волі.
Спачатку актывісты ўсклалі кветкі да магілы дзеяча беларускага нацыянальнага супраціву Цімоха Вострыкава. Яна знаходзіцца ў вёсцы Рамановічы Гомельскага раёна.
Потым актывісты наведалі могілкі ў вёсцы Знамя Працы Гомельскага раёна. Там пахаваны актывіст Еўрамайдана Міхаіл Жызнеўскі, забіты ў Кіеве. "Жызнеўскі з'яўляецца не толькі героем Украіны, але і сімвалам барацьбы за свабоду, таму мы сёння наведваем месца яго пахавання", — падкрэсліў намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.
Потым дэлегацыя ўсклала кветкі на вуліцы Дзімітрава ў Гомелі, дзе стаяў дом міністра сацыяльнай апекі БНР Палуты Бадуновай, адзначае БелаПАН.
"Стварэнне БНР — гэта дата адліку беларускай дзяржаўнасці, — адзначыў Палякоў. — Сённяшнія ўлады стаяць на пазіцыях савецкага часу, яны не імкнуцца падтрымліваць незалежнасць, думаюць савецкімі клішэ. Падзеі ва Украіне паказалі, што нам варта пашыраць нацыянальную свядомасць, падтрымліваць беларускую мову і культуру, бо з Беларуссю можа здарыцца тое ж самае, што здарылася з Крымам".
Фота Міхаіла Жызнеўскага — з сацыяльных сетак