У Глыбокім пакуль не будзе гістарычных назваў вуліц на шыльдах

Глыбоцкі райвыканкам лічыць "немэтазгодным" размяшчэнне гістарычных назваў вуліц на шыльдах. Такі адказ атрымалі жыхары Глыбокага на свой пісьмовы зварот.

Нагадаем, што ў сваім пісьмовым звароце група жыхароў прасіла чыноўнікаў змясціць побач з сучаснымі назвамі гістарычныя назвы вуліц. Такая практыка мела месца ў шмат якіх гарадах Расіі, Украіны, іншых краінах СНД. Ёсць такія прыклады і ў нашай краіне, напрыклад, у пасёлку Халопенічы Крупскага раёна.

Улады матывуюць сваю адмову тым, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае размяшчэнне на адной шыльдзе сучаснай і гістарычнай назвы, а таксама тым, што ў будынкаў розныя ўласнікі і з імі цяжка ўзгадняць размяшчэнне гэтых шыльдаў. Але ж заканадаўства напрамую і не забараняе іх размяшчэнне.

На думку грамадскага актывіста Яраслава Берніковіча, уся справа ў тым, што гэта ініцыятыва зыходзіла не ад уладаў, а ад грамадскасці. Такія выпадкі былі ў Глыбокім і раней. Напрыклад, калі грамадскія актывісты ўсталявалі шыльду дзеячу БНР Дуж-Душэўскаму, улады назаўтра яе знялі. Але праз пару гадоў яны ўсталявалі яе самі на тым жа будынку.

Берніковіч: “Любую актыўнасць, якую ініцыявалі не ўлады, а гэта ішло ад грамадства, яны не ўспрымалі. Але рана ці позна гэта вярталася на сваю каляіну, і гэта рабілася ў горадзе. Я спадзяюся, што хутка з’явяцца і гістарычныя назвы вуліц на Глыбоччыне”.

Актывісты кажуць, што не збіраюцца абскарджваць рашэнне райвыканкама ў вышэйшых інстанцыях, але будуць даступнымі сродкамі прапагандаваць гістарычныя назвы сярод насельніцтва горада. І спадзяюцца, што праз некаторы час гэтае пытанне можна будзе вырашыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі