У Гродне пройдуць вучэнні ратавальнікаў з Беларусі, Латвіі і Літвы

Маштабныя вучэнні па прадухіленні катастрофаў пройдуць у Гродне 9 верасня. Яны арганізаваныя ў рамках сумеснага праекту Беларусі і Еўрасаюза. У іх возьмуць удзел ратавальнікі з Беларусі, Латвіі і Літвы. Вось што гаворыць начальнік прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі:

"Гэта ўнікальны праект, унікальныя вучэнні. Такія вучэнні з удзелам спецыялістаў з іншых краін мы на тэрыторыі нашай краіны не праводзілі, толькі прымалі ўдзел у шэрагу вучэнняў за мяжой".


Паводле слоў Навіцкага, на першым этапе вучэнняў будзе адпрацоўвацца ліквідацыя наступстваў аварыі на прадпрыемстве "Гродна Азот", а менавіта — лакалізацыя аміячнага воблака, якое, паводле легенды, рухаецца ў бок Літвы. На другім этапе ратавальнікі будуць змагацца з наступствамі сутыкнення цягнікоў з нафтапрадуктамі і салянай кіслатой.

Адзначым, што праект ЕС мае назву "Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Літва-Латвія". Праект фінансуецца Еўрасаюзам у рамках праграмы добрасуседства і партнёрства. Агулам было выдзелена каля 1 мільёна еўра. На гэтыя сродкі для беларускіх ратавальнікаў набылі аўтамабіль хімічнай абароны, кацер, бонавыя агароджы і іншае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі