У гродзенскім заапарку наведвальнікі атруцілі зебру

Некалькі дзён спецыялісты Гродзенскага заапарка змагаюцца за жыццё самца зебры Бобі. На жаль, кажуць яны, прагнозы несуцяшальныя.

Як паведамляе сайт заапарка, нехта з наведвальнікаў пакарміў жывёлу, і пасля выходных у зебры пачалося ўздуцце жывата. Гэта сведчыць пра моцнае закісанне ў страўніку. Як кажуць спецыялісты, пры гэтым страўнік пачынае раздзімацца ды ціснуць на сэрца і лёгкія. У выніку, жывёла гіне ад удушша.

У такім стане жывёле трэба шмат рухацца. Аднак ветлекары заапарка забараняюць Бобі гуляць на вуліцы, бо асцерагаюцца, што яго зноў пачастуе хто-небудзь з наведвальнікаў.

Дарэчы, зебраў у заапарку кормяць сенам, свежакошанай травой і збожжавай сумессю з дадаткам гародніны. Садавіну ім не даюць зусім. А хлеб зебрам абсалютна проціпаказаны.

Фота: grodnozoo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі