Дакументы пра баявую ўзнагароду Васіля Быкава. Фота

Міністэрства абароны Расіі ўдаступніла ў інтэрнэце электронны банк дакументаў "Подзвіг народу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". Кожны жадаючы можа пашукаць там сваіх сваякоў і пачытаць дакументы пра іх узнагароджанне, апісанне геройскіх учынкаў.

Еўрарадыё пашукала на сайце дакументы пра ўзнагароджанне ордэнам "Чырвонай Зоркі" славутага беларускага пісьменніка Васіля Быкава (1924 — 2003). Ураджэнец Ушацкага раёна Віцебскай вобласці да лета 1942 года жыў у горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці. Там яго прызвалі ў савецкае войска, пасля заканчэння Саратаўскай пяхотнай вучэльні Быкаў атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Як камандзір узвода палкавой, а пасля армейскай артылерыі, ваяваў ва Украіне, Румыніі, Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі, быў паранены.

Ва ўзнагародным лісце лейтэнанта Васіля Быкава ад 15 траўня 1945 года адзначаецца, што ён тройчы быў паранены. У графе "нацыянальнасць" пазначана... "рускі". Адзначаецца, што 23 сакавіка 1945 года ў баю каля вёскі Кюнгеш у Венгрыі Быкаў "праявіў сябе смелым і мужным афіцэрам". "Праціўнік, акружаны ў гэтым раёне, спрабаваў выйсці з боем з акружэння, — чытаем ва ўзнагародным лісце. — Узвод лейтэнанта Быкава прыняў бой. Выкаціўшы гармату на 400-500 м[етраў] да дарогі, пачаў весці агонь па адступаючай мотакалоне. У выніку боя узвод тав. Быкава спаліў адзін бронетранспарцёр і 3 аўтамашыны праціўніка. Тав. Быкаў варты ўзнагароджання ордэнам "Чырвонай Зоркі".

Таксама выкладзены ў вольны доступ і загад па "10-й асобнай знішчальнай супрацьтанкавай артылерыйскай Крыварожскай ордэна Кутузава другой ступені брыгадзе РГК" ад 24 траўня 1945 года. У спісе ўзнагароджаных ордэнам "Чырвоная Зорка" сем чалавек, камандзір узвода 1245 знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка лейтэнант Васіль Уладзіміравіч Быкаў — першы.

Пазнаёміцца з электроннай базай і пашукаць сваіх сваякоў можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі