У Італіі затрымалі былога кіраўніка "Пінскдрэва" Ларана Арыніча (відэа)
Генеральная пракуратура Беларусі будзе дамагацца яго экстрадыцыі.
Як заявіў намеснік генпракурора Аляксей Стук, паведамленне пра затрыманне было атрыманае па лініі Інтэрпола. Ларан Арыніч знаходзіцца пад вартай у Італіі.
"Калі ў італьянскага боку не знойдзецца абставінаў, якія перашкаджаюць яго выдачы, я спадзяюся, што мы яго атрымаем", — цытуе словы Стука "Интерфакс-Запад".
Нагадаем, былы кіраўнік "Пінскдрэва" знаходзіўся ў вышуку ад жніўня 2011 года. Генпракуратура распачала супраць яго крымінальную справу па факце пажару на фабрыцы "Пінскдрэў ДСП", дзе загінулі 14 чалавек, два дзясяткі працаўнікоў атрымалі траўмы. У жніўні мінулага года Арыніча знайшлі на тэрыторыі Польшчы. Ён знаходзіўся пад хатнім арыштам. Адказу на запыт аб яго экстрадыцыі з Польшчы ў Беларусь не прыйшло.
ДАВЕДКА Еўрарадыё:
25 кастрычніка 2010 года на фабрыцы “Пінскдрэў ДСП” адбыўся выбух. Загінулі 14 чалавек, а яшчэ 21 рабочы атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці. Была распачатая крымінальная справа. У сакавіку 2012-га калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда абвесціла прысуд па справе выбуху. Вінаватымі прызналі былога галоўнага інжынера холдынга, галоўнага інжынера і былога дырэктара "Пінскдрэў-ДСП". Інжынер холдынга прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі, галоўны інжынер да трох гадоў, былы дырэктар гэтага прадпрыемства — да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа ў адносінах былога гендырэктара "Пінскдрэву" Ларана Арыніча была вылучана ў асобную вытворчасць.
Спачатку супрацоўнікі праваахоўных органаў паведамлялі, што Ларан Арыніч з іх ведама знаходзіцца на лячэнні ў Польшчы. Аднак у жніўні 2011 года ён быў абвешчаны ў вышук. Тады заяўлялася, што калі ён сам не вернецца на радзіму, то пытанне аб яго выдачы будзе вырашацца на ўзроўні Генеральных пракуратур Беларусі і Польшчы.
У верасні 2011-га экс-кіраўніка “Пінскдрэва” пазбавілі звання ганаровага грамадзяніна Пінску. Такое рашэнне прыняў Пінскі гарсавет. Падставай дэпутаты назвалі тое, што Арыніч збег ад следства і абвешчаны ў вышук. Гэтым ён здыскрэдытаваў сваю асобу і ганаровае званне.
Сваякі загінулых рабочых лічаць, што бізнэсоўцу свядома дазволілі збегчы за мяжу. Таму яны напісалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Генпракуратуру, МУС, КДБ і Камітэт дзяржкантролю калектыўны ліст, у якім патрабавалі пакараць былога дырэктара.