У Крымінальны кодэкс уключаць новыя антытэрарыстычныя артыкулы

У пачатку 2015 года пачне дзейнічаць закон “Аб захадах па перадухіленні легалізацыі прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюду зброі масавага знішчэння”. Гэты закон увядзе новыя артыкулы ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, інфармуе БЕЛТА.

Сярод іх — артыкул 290-2 “Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці”. У прыватнасці, “за вярбоўку або іншае ўцягванне” чалавека ў тэрарыстычную дзейнасць, роўна як і навучанне ці іншую падрыхтоўку для ўдзелу ў такой дзейнасці будзе пагражаць да 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. Вызваленне ад крымінальнай адказнасці адбудзецца ў тым выпадку, калі чалавек своечасова паведаміць дзяржорганам пра злачынства, якое прадугледжвае гэты артыкул, або іншым чынам паспрыяе перадухіленню злачынства.

Апроч таго, новы артыкул 290-3 будзе прадугледжваць крымінальную адказнасць і за праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі ў тэрарыстычнай дзейнасці — да 10 гадоў з канфіскацыяй.

Таксама ў кодэкс уводзяцца артыкулы 290-4 “Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй” і артыкул 290-5 “Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі”.

Апроч таго, карэктуюцца арт.235 “Легалізацыя (“адмыванне”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам”, арт.289 “Акт тэрарызму”, арт.290-1 “Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці”, арт.292 “Захоп будынкаў і збудаванняў” ды іншыя. Карэкціроўкі ўносяцца і ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Яны таксама набудуць моц у пачатку 2015 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі