У Лідзе чыгунку перакрылі паваленымі бетоннымі слупамі
У Лідзе чыгунку перакрылі паваленымі бетоннымі слупамі ў двух месцах, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Здарэнне адылося позна ўвечары 29 снежня. Машыніст пасажырскага цягніка "Гродна-Гомель" пабачыў перашкоду і пачаў тармажэнне, але пазбегнуць сутыкнення не змог. Пасажыры пры здарэнні не пацярпелі, праз нейкі час цягнік паехаў далей па маршруце.
Другі слуп у Лідзе выявілі на чыгунцы ў гродзенскім кірунку, дзе ехаў таварны цягнік.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін (ч. 1 ст. 309 Крымінальнага кодэкса).
15 снежня прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава паведамляла пра больш як 150 фактаў "рэйкавай вайны" ў Беларусі. Каля чыгункі размяшчаюць макеты выбуховых прыстасаванняў, закарочваюць шляхі металічным дротам, кладуць на рэйкі пабочныя прадметы, псуюць датчыкі блокпастоў і кабелі, якія забяспечваюць дыстанцыйную сувязь паміж станцыямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.