У Магілёве не дазволілі пікет на Сусветны дзень барацьбы за годную працу
Магілёўскія ўлады не дазволілі правесці пікет у Сусветны дзень барацьбы за годную працу. Адмову падпісала намесніца старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.
Арганізатарам пікета выступіў Свабодны прафсаюз металістаў. Акцыю меркавалася правесці 7 кастрычніка каля дома 27 па вуліцы Ленінскай у цэнтры горада. Мэта пікета — прыцягнуць увагу грамадскасці да пагаршэння прававога стану работнікаў у адносінах да дзейнага заканадаўства.
У адказе ідэолага гаворыцца, што ў Магілёве існуе адзінае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў і знаходзіцца яно на ўскрайку горада — на стадыёне “Хімік” (вуліца Чалюскінцаў, 64В).
Дарэчы, на вуліцы Ленінскай яшчэ месяц таму, падчас выбарчай кампаніі, прадстаўнікі апазіцыі стаялі без перашкодаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і агітацыйнымі плакатамі. Як выглядае, цяпер магілёўскія ідэолагі хочуць зноў загнаць незадаволеных у "рэзервацыю", спасылаючыся на папярэднія рашэнні гарвыканкаму.