У маладзечанскіх школах выбухоўкі не знайшлі
Распачатая крымінальная справа па факце "мінавання" школ у Маладзечне. Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.
Нагадаем, у 10 школ Маладзечна раніцай у чацвер прыйшлі па пошце лісты з аддрукаваным на прынтары тэкстам. У іх былі патрабаванні аб пераводзе 10 тысяч долараў на "канкрэтны электронны кашалёк". У адваротным выпадку ўтрымлівалася пагроза выбуху. "Усе лісты адпраўленыя з г. Маладзечна", — інфармуе Следчы камітэт.
На працягу гадзіны была праведзеная эвакуацыя школьнікаў і настаўнікаў. Дзяцей адправілі дахаты. У Маладзечна былі выкліканыя спецпадраздзяленне МУС "Алмаз", групы размінавання.
На 16.30 сапёрамі былі правераныя ўсе школы і гімназіі, ніякіх выбуховых прыстасаванняў не знайшлі. На месцы працуюць спецыялісты з МУС, КДБ, Следчага камітэта. Спецслужбы шукаюць зламыснікаў (ці зламысніка), якія адпраўлялі лісты з пагрозамі.
Фотарэпартаж з Маладзечна, дзе школы атакавалі "тэлефонныя тэрарысты"