У Маладзечне частку заробку выдаюць малаком, у Хоцімскім раёне — мясам
“Просьба ўсім работнікам да 19.10.2016 запісацца ў дыспетчарскай на атрыманне прадукцыі гармалзавода ў залік заробку за верасень 2016 года”, — такую абвестку публікуе суполка “Маладзечна live” у сетцы "Вконтакте".
Як высвятляецца, адно з транспартных прадпрыемстваў горада прапанавала сваім работнікам атрымаць заробак часткова малаком ці маслам. Справа ў тым, што малочны завод меў запазычанасць транспартнікам і таму расплачваецца прадукцыяй.
“Гэта па жаданні, калі хочаце. Хто хоча — на 100, хто хоча — на 150 рублёў. Прапанавалі ўзяць масла і закрыць так. Проста арганізацыя так закрывае з намі сваю "дэбіторку"”, — паведамляюць на прадпрыемстве.
Заробак прадуктам — не рэдкасць. Раней Еўрарадыё паведамляла пра заробак каўбасой, які прапанавалі маладому спецыялісту на размеркаванні ў Браслаўскім раёне. Кансервамі разлічваліся ў аграгарадку на Шаркаўшчыне.
А карыстальнікі сацсетак узгадваюць нават пра… жывых курэй у якасці часткі заробка.
У Хоцімскім райвыканкаме, дзе, як пісалі, мясцовае РАЙПО разлічылася часткова… півам, прызнаюць, што ў рэгіёне, бывае, плацяць натурпрадуктам.
“Гэта згодна з калектыўнай дамовай, і толькі тое, што просяць людзі. Нехта просіць выпісаць мяса, нехта — зерне у кошт заробку, калі ідзе прыборка ураджаю”, — апісваюць у райвыканкаме. І дадаюць, што алкаголем арганізацыі ў іх не плацяць.
Паводле закона, плаціць каўбасой, бульбай, курамі і мясам можна, калі гэта дазваляе калектыўная дамова і са згоды супрацоўніка.
“Нам на заробак натурпрадуктам не скардзяцца. Бо звычайна, гэта бывае, калі супрацоўнік сам згодны на такі заробак. А калі ён згодны, то ён не скардзіцца”, — тлумачаць у Мінскім аблвыканкаме.
Яшчэ адна форма натурвыплат — калі у краме ад завода можна ўзяць прадуктаў у кошт будучага заробку. Так, на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў можна браць прадукты ў мясцовай краме. Менавіта на гэтым прадпрыемстве павесіўся рабочы, бо атрымаў заробак у мінус.
А вось алкаголем, тытунёвымі вырабамі, лекамі, нафтапрадуктамі заробак плаціць нельга. Забараняе закон. Можна толькі “таварамі, якія падыходзяць для асабістага ўжывання і выгадныя для супрацоўніка і яго сям’і”.