У Маскве абмяркоўваюць новы крэдыт для Беларусі — 3 млрд долараў
Гаворка ідзе пра рэфінансаванне плацяжоў па крэдытах Расіі, запланаваных на 2015 год.
Беларусь звярнулася да Расіі па новы крэдыт. Называецца яго сума — 3 млрд долараў. Расійскія ўлады цяпер прапрацоўваюць гэтае пытанне, заявіў у чацвер міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў. Паводле яго слоў, пры гэтым будзе ўлічвацца тое, як рэалізоўваецца папярэдняя праграма, "якая не была выканана ў поўным аб'ёме".
9 ліпеня расійскі ўрад разглядае пытанне аб прадастаўленні другой часткі крэдытнай падтрымкі Беларусі, якая была раней ухвалена. Гэта 760 млн долараў. Ужо ў ліпені гэтыя грошы пералічаць у Мінск, інфармуе РІА "Новости".
Раней міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын заявіў, што ў ліпені можа быць дасягнутая дамова аб новым расійскім крэдыце для Беларусі. Гаворка ішла аб рэфінансаванні плацяжоў па крэдытах Расіі, запланаваных на 2015 год.
У красавіку сёлета Масква ўжо выдала Беларусі 110 млн долараў на пагашэнне адсоткаў па расійскім крэдыце, які быў выдадзены пяць гадоў таму.
Нагадаем, учора ва Уфе сустракаліся кіраўнікі Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Паводле слоў прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова, дэталёва выдача Мінску новага крэдыту не абмяркоўвалася.
Лукашэнка — Пуціну: Беларусь будзе арыентавацца не толькі на Захад (відэа)
Фота: Fotolia