У матчы з галандцамі Сарока забыўся майку, таму запозна выйшаў на замену

У матчы з галандцамі Сарока забыўся майку, таму запозна выйшаў на замену

Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка распавёў пра адзін з ключавых момантаў паядынку кваліфікацыі чэмпіянату свету 2018 года з галандцамі. Ён прайшоў 7 кастрычніка на “Барысаў-Арэне” і быў прайграны беларусамі з лікам 1:3. У другім тайме пры ліку 1:1 Крывушэнка збіраўся замяніць Мікалая Сігневіча на Антона Сароку. Аднак замена з нейкай прычыны зацягнулася і на 84-й хвіліне Сігневіч “зарабіў” пенальці ў сваю браму, які рэалізаваў Ар’ен Рабэн. Лік стаў 1:2 на карысць зборнай Галандыі. Ужо ў даданыя да асноўнага часу хвіліны госці забілі яшчэ адзін гол.

Галоўны трэнер беларускай зборнай у інтэрв’ю “Прессболу” патлумачыў, што ж здарылася: “Справа ў тым, што я раней — яшчэ да эпізоду ў нашай штрафной — паклікаў Антона. Тут унутраны момант: Сарока забыўся з распранальні майку. І пакуль адміністратар Саша Храпкоўскі бегаў за ёй — вуглавы, пенальці… Не паспелі. Здавалася б, дробязь. Але, можна сказаць, і яна адыграла немалаважную ролю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі