У Мінкульце слухалі Akute і чыталі рэцэнзію Заміроўскай пра “сухотную лірыку”
Басіст і аўтар песень магілёўскага гурта Akute Раман Жыгараў падае заяву на атрыманне сертыфікату творчага работніка Беларусі. 30 траўня музыку выклікаюць на сумоўе ў Міністэрства культуры. Сустракае Рому камісія з “чалавек дзесяці”, якія адразу слухаюць даклад сакратара пра гурт Akute і ўласна яго басіста.
“Але гэтую інфармацыю я падаваў сам, даслаў яе поштай разам з заявай, — узгадвае Раман. — Пасля гэтага сакратарка дала слова мне. Але я ўжо, шчыра кажучы, не ведаў што дадаць, бо ў мяне ўсё было ў тых дакументах напісана. Таму мы пачалі слухаць музыку. Узначальвала ўсю гэтую камісію спадарыня Дрыга (намесніца міністра культуры РБ, — заўв. Еўрарадыё), якая да ўсяго ставілася даволі пазітыўна. Мы паслухалі некалькі выпадковых песень, пасля чаго мне пачалі задаваць пытанні”.
Апроч агульных удакладняючых пытанняў, камісія цікавіцца, чаму Akute называе сябе незалежным гуртом. А потым шмат абмяркоўвае пададзеную разам з дакументамі рэцэнзію Таццяны Заміроўскай на адзін з альбомаў.
“Яны зачапіліся за такія трапныя выразы Тані, кшталту “сухотная лірыка”, — з усмешкай распавядае Рома. — І давай цытаваць нараспеў: адзін цытуе, другі нібы не чуў — зноў цытуе тое ж самае… Іх вельмі ўразіла, што музычны крытык можа карыстацца такімі словазлучэннямі. Але я б не сказаў, што яны гэта рабілі неяк зласліва. Я сказаў, што не дыктую крытыкам, што пра мяне пісаць. Дарэчы, спадарыня Дрыга, мне нават падалося, неяк абараняла мяне”.
Выпадкова разам з Раманам статус творчай асобы спрабаваў атрымаць і Андрусь Такінданг, але ў Міністэрства культуры ён прыйшоў не з запісамі гурта “Рэха” ці “Гаротніца”, а са сваімі карцінамі.
“Я перад пачаткам размовы расставіў у зале некалькі сваіх карцін і выйшаў, — узгадвае Андрусь. — Там камісія нешта абмяркоўвала, а пасля паклікала мяне. Для ўдакладнення, бо ў іх былі ўсе дакументы, яны спыталіся пра маю адукацыю, дзе выстаўляўся, запыталіся, чаму знікла праграма на АНТ, запыталі, над чым цяпер працую… Ну і я з імі гаварыў па-беларуску, і яны са мной таксама па-беларуску, што мяне вельмі парадавала”.
Вынікі паходу Андруся і Рамана будуць вядомыя праз пяць дзён. Сертыфікат творчага работніка Беларусі дазволіць хлопцам не быць "дармаедамі" і не плаціць нядаўна ўведзены падатак. Але абодва яны не перакананыя, што статус дакладна будзе атрыманы.
“Я ж пісаў заяву, што я выканаўца і сааўтар музыкі, таму ў іх былі пытанні і па партытурах. Таму, калі хто збярэцца падаваць туды нешта па нотах, то глядзіце ўважліва, — раіць басіст Akute іншым музыкам. — Калі вы іх падаяце, то іх трэба ведаць. У мяне былі пытанні, не ўсё так гладка атрымалася. Я пісаў партытуры сам, але з дапамогай камп’ютарнай праграмы, бо ўжо дакладна не памятаю сальфеджыа, яно ў мяне было гадоў з 15 таму”.
Раней сертыфікат творчага работніка Беларусі атрымала салістка гурта Napoli Вольга Шыманская і аўтар тэкстаў Юлія Быкава. А вось мастаку Вячаславу Кліменку ў такім статусе адмовілі праз адсутнасць прафесійнай адукацыі.