У Мінскім раёне міліцыя шукала слоік з 15 тысячамі еўра
У Мінскім раёне міліцыя шукала слоік з 15 тысячамі еўра. Свае зберажэнні 48-гадовы мужчына закапаў у зямлю, але іх скраў 44-гадовы сантэхнік. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, гісторыя пачалася ў студзені 2022-га. Менавіта тады жыхар Мінскага раёна закапаў слоік з еўра у памяшканні помпавай станцыі на тэрыторыі аднаго з садовых таварыстваў. У канцы ліпеня ён у чарговы раз правяраў схованку і слоіка з грашыма там не знайшоў, звярнуўся ў міліцыю.
Міліцыянеры разам са следчымі высветлілі, што да крадзяжу датычны сантэхнік. Вясной у памяшканні помпавай станцыі ён праводзіў рамонтныя работы, выпадкова знайшоў слоік, забраў яго і... закапаў на сваім участку. У выніку грошы яму давялося вярнуць.
Крымінальная справа была распачата па артыкуле "крадзеж, учынены ў асабліва буйным памеры". Раней у сантэхніка праблем з законам не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.