У Мінску анархісты правялі несанкцыянаваны пікет (фота, відэа)
Ён прайшоў каля станцыі метро "Пушкінская" пад лозунгам "Улада рабуе народ".
Анархісты правялі вечарам 8 снежня ў Мінску несанкцыянаваны пікет "супраць антысацыяльных ініцыятыў уладаў". У акцыі ўдзельнічалі каля 15 чалавек. Пікет прайшоў каля рэстарана "Макдональдс" побач са станцыяй метро "Пушкінская".
Прыблізна ў 18.25 маладыя людзі разгарнулі банер "Улада рабуе народ". Яны запалілі фальш-фаеры, скандавалі лозунгі і раздавалі мінакам улёткі.
"Урад плануе павялічыць падатак з грамадзян і ўвесці падатак на беспрацоўных і пры гэтым павялічваць фінансаванне праваахоўных органаў, як гэта запланавана ў бюджэце на 2015 год. Мы, анархісты, выступаем супраць такога рабавання народа. Кантраляваць і размяркоўваць бюджэт павінны тыя, хто сапраўды працуе, а не чыноўнікі, якім няма справы да нашых праблем", — заявіў у мегафон адзін з удзельнікаў акцыі.
Пікет доўжыўся не больш за пяць хвілін, ніхто затрыманы не быў, паведамляе БелаПАН.
Фота — БелаПАН, відэа — revbel.org