У Мінску фільм "Крым" пакажуць нелегальна

У Мінску фільм "Крым" пакажуць нелегальна

У ліпені вакол магчымага паказу фільма "Крым" у Беларусі разгарнуўся не абы які скандал. У некалькіх кінатэатрах паказалі трэйлер фільма, і гэта выклікала абурэнне. Амбасада Украіны нават накіравала ў МЗС Беларусі ноту.

Дакладна вядома, што гэты фільм у Беларусі паказаны не будзе. Кіраўнік рэпертуарнага аддзела Кінавідэапракату Вольга Багаварава нават здзівілася нашаму пытанню пра “Крым”, маўляў, “на хайпе” "Матыльда": "Забудзьце вы гэты "Крым". Цяпер "Матыльда" — надзённая тэма".

Тым часам ў афіцыйнай групе ўніверсітэта МІТСО з'явілася аб'ява пра паказ фільма "Крым" у Доме Масквы 26 кастрычніка. Абяцаюць сустрэчу з рэжысёрам фільма Аляксеем Піманавым. Ва Упраўленні выхаваўчай работы ўніверсітэта сказалі, што жадаючых не знайшлося, і яны выдалілі гэтую аб'яву.

Каб паказаць у Беларусі фільм, трэба правесці яго класіфікацыю, фільм павінен атрымаць узроставы рэйтынг. Бо згодна з часткай 2 артыкула 206 Кодэкса “Аб культуры”, у нашай краіне забараняецца паказ фільмаў, звесткі пра якія не ўключаныя ў Дзяржаўны рэгістр фільмаў.

Класіфікацыяй фільмаў з унясеннем іх у дзяржаўны рэгістр у Беларусі займаецца камісія пры Універсітэце культуры і мастацтваў. Але, як распавяла прадстаўніца камісіі, "Крым" ім ніхто не падаваў:

"Гэты фільм на разгляд і класіфікацыю не падаваўся, ніякіх заявак з ім не прыходзіла".

Кіназал, у якім павінен прайсці паказ фільма, арандаваны ў Дома Масквы. Там здзівіліся, даведаўшыся ад Еўрарадыё, што фільм адсутнічае ў Дзяржаўным рэгістры, і што трэба яго туды ўносіць. Таксама там не ведалі, што без класіфікацыі паказ “Крыма” з’яўляецца парушэннем закона. Паабяцалі разабрацца.

Аднак у аўторак у Доме Масквы паведамілі, што сустрэча і паказ фільма адбудзецца. Там ведаюць, што арганізатары парушаюць закон і гатовыя ісці на гэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі