У Мінску медыкі ловяць хворых, якія ездзяць на рыбалку і п'юць гарэлку

Каб бальнічны быў аплочаны, беларусам трэба слухацца лекараў і не парушаць прадпісанага рэжыму У сувязі з эпідэміяй грыпу бальнічны хворым выдаюць пры першых жа сімптомах. Аднак хварэць так, як чалавек хоча сам, ён не можа. Медыкі патрабуюць гэта рабіць па пэўных правілах. Вось што распавяла Еўрарадыё загадчыца аддзялення тэрапіі 26-й мінскай паліклінікі Іна Кісель:

“Вядома, у нас з намеснікам галоўнага ўрача па экспертызе ёсць выяздныя дні, калі яна кантралюе, ці прытрымліваюцца прадпісанага рэжыма пацыенты, якім быў выдадзены бальнічны ліст”.

ЕРБ: А калі аказваецца, што хворых няма дома?

Іна Кісель: ”Пішуць пра парушэнне рэжыма, і гэта пасля на яго працы ўлічваецца пры аплаце бальнічнага ліста“.

ЕРБ: То бок яму могуць не аплаціць?

Іна Кісель: “Бухгалтар на працы прымае індывідуальнае рашэнне па кожным чалавеку, якому прапісана парушэнне. Пішам у арганізацыі, каб яны самі прымалі рашэнне па аплаце бальнічнага ліста”.

ЕРБ: А калі так атрымалася, што ён сышоў у краму ці паехаў у іншы горад, скажам, хварэць да бацькоў?

Іна Кісель: “Ён не павінен нікуды з’язджаць. Дазвол на выезд за межы горада Мінска дае ўрачэбна-кантрольная камісія. Так, чалавек не мае права выязджаць“.

ЕРБ: А выходзіць з дому?

Іна Кісель:
“Выходзіць з дому ён можа, калі яму прадпісваюць амбулаторны рэжым, калі ў яго пасцельны рэжым напісаны, значыць ён мусіць быць дома ў ложку”.
 
У 12-й паліклініцы Еўрарадыё распавялі, што праверка адбываецца выбарачна. Але пераважна кантралююць тых, хто хварэе часта. Апошнім часам выпадкі, калі людзі парушаюць рэжым, сталі павялічвацца. Таму, каб змагацца з тымі, хто злоўжывае бальнічнымі, медыкі сталі праводзіць больш "рэйдаў". Еўрарадыё пагутарыла з мінчуком Аляксандрам, да якога нядаўна завіталі такія "госці". Вось што ён распавёў:

“Я сядзеў дома, хварэў, як належыць хварэць усім нармальным людзям, то бок, глядзеў тэлевізар, чытаў часопіс, валяўся на канапе з таблеткамі, з сокам. Мне пагрукалі ў дзверы. Я адчыніў, там стаялі тры жанчыны, яны прадставіліся, што з 12-й паліклінікі, і кажуць: “Мы прыйшлі праверыць, як вы прытрымліваецеся рэжыму, які вам прадпісаны ўрачом”. Яны зайшлі, павіталіся з маім сабакам, мы удвох з ім ляжалі".

У Аляксандра ніякіх праблемаў не ўзнікла. А пра некаторых "небаракаў", якіх злавілі "на гарачым", медыкі яму расказалі.

Аляксандр: "Шмат хто злаўжывае гэтым, і таму яны вымушаны хадзіць правяраць. Я ў іх пытаўся, ці шмат знайшлі, яны сказалі, што больш за 5 чалавек, прычым некалькі з іх былі проста п’яныя, што з’яўляецца парушэннем рэжыма, а некалькіх не было дома, іх жонкі сказалі, што мужчыны проста на рыбалку паехалі".

Вось так, захварэў, дык і паводзь сябе як і належыць нармальнаму хвораму, і ніякіх тут варыянтаў быць не можа.


На здымку: На прыёме ў паліклініцы. Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі