У Мінску можна адрамантаваць мабільнікі толькі ў сямі месцах

Пры гэтым “Белтэлекам” гарантуе, што рамонт не будзе доўжыцца больш за… два тыдні Пасля ўвядзення абавязковай сертыфікацыі права рамантаваць мабільныя тэлефоны атрымалі толькі “Белтэлекам” і “Newland”. Калі падлічыць усе “рамонтныя кропкі”, у Мінску засталося толькі сем месцаў, дзе могуць адрамантаваць мабільныя тэлефоны. Цікава, што, напрыклад, у Баранавічах – болей.

Калі ў некаторых прыватных рамонтных пунктах раней тэлефон маглі прывесці да ладу літаральна за паўгадзіны, то цяпер, магчыма, будзе інакш. Паводле словаў начальніка ўпраўлення ацэнкі адпаведнасці і ліцэнзавання Дзяржстандарту Васіля Каралюка, трэба будзе здаць тэлефон у прыёмны пункт і чакаць.

Каралюк: Трэба развіваць сістэму прыёмных пунктаў, дзе тэлефон прымаюць, накіроўваюць ў сервісны цэнтр, рамантуюць і вяртаюць назад.

“Белтэлекам”, напрыклад, можа рамантаваць тэлефон за два тыдні.

Супрацоўнік "Белтэлекаму": Запчасткі трэба замаўляць. Мы дзяржаўная арганізацыя – пакуль мы замовім, пакуль набудзем, праплацім, атрымаем… Можа прайсці да 14 дзён, на якія мы маем права браць на рамонт тэлефон.

Такім чынам, зараз мабільныя тэлефоны рамантаваць будуць даўжэй, але з гарантыяй. Пакуль кошты на такі рамонт не зменяцца, аднак, паводле інфармацыі Дзяржстандарту, каб сертыфікавацца на рамонт тэлефонаў трэба было закупіць даволі дарагое абсталяванне. Менавіта на гэта скардзяцца індывідуальныя прадпрымальнікі.

Паводле словаў начальніка сервіснага цэнтра “Newland” Віталя Баханоўскага, кошты на рамонт не павялічацца, і пакуль ніякіх чэргаў не адчуваецца. Па інфармацыі, якую паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве сувязі, у бліжэйшы час сертыфікацыю атрымаюць яшчэ пяць фірмаў, якія раней займаліся рамонтам мабільнікаў.


ДАСЬЕ ЕЎРАРАДЫЁ

Дзе можна адрамантаваць мабільнік у Мінску?

“Newland” рамантуе тэлефоны :
вул. Кульман, 1;
праспект Незалежнасцi, 91;
Лагойскi тракт, 19/1;
Партызанскi праспект, 82;
вул. Якубава, 58.

“Белтэлекам” мае “кропкі” :
вул. Чырвоная, 16;
вул. Мельникайтэ, 7.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі