У Мінску паведамленні на выплату падатку атрымалі каля 106 тысяч “дармаедаў”
Паведамленні на выплату падатку на дармаедства атрымалі каля 106 тысяч мінчан, паведаміў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінску Андрэй Сабалеўскі у інтэрв'ю газеце "Мінскі кур'ер".
Паводле чыноўніка, больш за 11.000 з іх падалі дакументы аб тым, што яны не павінны кампенсаваць бюджэту фінансавыя сродкі, і гэтыя звесткі ўлічылі. Такую колькасць несапраўдных “дармаедаў” Сабалеўскі патлумачыў тым, што падаткавікі не застрахаваныя ад памылак.
Што тычыцца агульнай сумы, якая ўжо паступіла ў бюджэт ад названай катэгорыі грамадзян, то гэта каля 2,2 мільёны рублёў. Тэрмін выплаты так званага падатку на дармаедства за 2015 год — не пазней за 20 лютага 2017-га.
Як адзначаюць у падатковай інспекцыі, калі чалавек атрымаў паведамленне аб неабходнасці выплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, у яго ёсць 30 каляндарных дзён, каб даказаць адваротнае. Трэба прадставіць у раённую інспекцыю МПЗ пацвярджальныя дакументы або тлумачэнні.