У Мінску склалі 9 пратаколаў за парушэнні ў сферы аховы гістарычнай спадчыны
У Мінску за 2015 год склалі 9 пратаколаў за парушэнні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.
Па інфармацыі ўпраўлення, цягам мінулага года ў сталіцы праводзіліся планавыя праверкі выканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і маніторынг аб’ектаў гістарычнай каштоўнасці. Па іх выніках і былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы. Пры гэтым не ўдакладняецца, якія менавіта парушэнні былі зафіксаваныя і на якіх аб’ектах яны здарыліся.
Акрамя таго ва ўпраўленні адзначылі, што ў мінулым годзе да святкавання 70-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне было многае зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыяў мемарыяльных комплексаў, іншых памятных аб’ектаў, а таксама па прыцягненні на гэтыя мэты пазабюджэтных сродкаў.
Напрыклад, адміністрацыя Кастрычніцкага раёна добраўпарадкавала тэрыторыю каля помніка Асаналіеву, а кіраўніцтва Першамайскага раёна арганізавала працу па аднаўленні помніка воінам Савецкай арміі. Быў таксама адрамантаваны мемарыяльны комплекс “Баявы шлях гвардзейцаў”.
У Мінску налічваецца 630 помнікаў архітэктуры, мастацтва, гісторыі, археалогіі. У мінулым годзе ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама аформіла 311 ахоўных абавязанняў, было праведзена 176 узгадненняў адчужэння права ўласнасці на аб’екты спадчыны — гэта будынкі і нежылыя памяшканні. Міністэрства культуры ў мінулым годзе распрацавала і зацвердзіла 3 праекты зон аховы ў Мінску.