У Мінску спынілі будаўніцтва гатэля Hilton “з-за грамадскага меркавання”
Днямі будаўнічыя агароджы каля стадыёна “Дынама” зніклі, цяпер камунальнікі аднаўляюць пешаходныя дарожкі і лесвіцы.
Пяцізоркавы гатэль Hilton планавалася пабудаваць на скрыжаванні вуліц Кірава і Леніна, каля стадыёна “Дынама” і будынка Вярхоўнага суда, насупраць Мастацкага музея ды Міністэрства замежных спраў. У 2012 годзе нават быў агароджаны ўчастак і казалі пра пачатак рыцця катлавана. Адкрыццё планавалася 1 лютага 2014 года, то бок за тры месяцы да чэмпіянату свету па хакеі. Але днямі агароджу нечакана прыбралі і, як высветлілася, будаўніцтва нават не пачыналася, нават пешаходныя дарожкі ды лесвіцы не былі разабраныя.
“На сённяшні дзень дамова арэнды зямельнага ўчастка скасаваная, — каментуе намеснік кіраўніка Упраўлення архітэктуры Ленінскага раёна Мінска Андрэй Бандарэнка. — Інвестар больш за год не пачынаў асваенне ўчастка. Абяцаў, падпісаў інвестыцыйную дамову, але, на жаль, далей абяцанняў так і не зрушыўся. Мы чакалі, але ўлічваючы, што ён так нічога і не робіць, то ў адпаведнасці з заканадаўствам, зямельны ўчастак прыведзены ў першапачатковы стан”.
Так мусіў выглядаць мінскі Hilton
Супрацоўніцтва з галандскай кампаніяй Blue Eagle Private Equity, якая з’яўляецца інвестарам будаўніцтва Hilton, часова спыненае да высвятлення абставінаў затрымкі. Праўда, калі сітуацыя раз’ясніцца, не вядома. З беларускімі прадстаўнікамі кампаніі-інвестара звязацца немагчыма: тэлефонаў у іх папросту няма, а офіс зачынены.
“Хутчэй за ўсё, будаўніцтва не пачыналася з-за грамадскага меркавання, — каментуюць у беларускім прадстаўніцтве турэцкай кампаніі EMSAS Construction, якая з’яўляецца генеральным падрадчыкам будаўніцтва. — Жыхары выказаліся супраць гатэля Hilton на гэтым участку забудовы. Відаць, ён не зусім упісваецца ў параметры гэтага мікрараёна. Таму пакуль перспектыва незразумелая. Магчыма, калі выдзеляць нейкі іншы зямельны ўчастак, то будаўніцтва працягнецца”.
Узвядзенне агароджы ў 2012 годзе
Цяпер камунальнікі аднаўляюць пешаходныя дарожкі, бо за два гады, некаторыя ўчасткі прыйшлі ў аварыйны стан, а прыступкі лесвіцы размыла веснавымі паводкамі.
Раней паведамлялася, што на ўзвядзенне 14-павярховага мінскага “Хілтана” будзе патрачана 60 мільёнаў долараў. Апроч 200 нумароў, у ім планавалася размясціць гандлёвы цэнтр і два рэстараны. Агулам жа галандская кампанія збіралася пабудаваць сем гатэляў Hilton па ўсёй краіне. Дамовы на будаўніцтва былі падпісаныя акрамя Мінска ў Брэсце і Гродне.
Фота: citydog.by, realt.onliner.by