У Мінску судзяць удзельнікаў экскурсіі, затрыманых 31 студзеня
Суд Фрунзенскага раёна Мінска сёння разглядае адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў і ўдзельніц экскурсіі, затрыманых 31 студзеня.
"Экскурсія пачалася на праспекце Незалежнасці, а скончылася на Акрэсціна, куды іх даставілі міліцыянты", — канстатуе ТГ-канал "Вясна назірае". Затрыманні адбыліся на самым пачатку экскурсіі. Затрыманых вінавацяць ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).
Экскурсаводка Аксана Манкевіч на судзе не прызнала сваю віну. Яна хадайнічала аб праглядзе відэазапісаў з камераў назірання, каб даказаць, што яна вяла экскурсію. Але суддзя Наталля Бугук адхіліла хадайніцтва.
Па словах Макевіч, яшчэ на пачатку экскурсіі на праспекце Незалежнасці з'явіліся бусы і затрымалі сем удзельнікаў экскурсіі. Суддзя Бугук прызнала экскурсаводку вінаватай і асудзіла на 15 сутак.
Удзельніцу экскурсіі Юлію Бажкову суддзя Бугук аштрафавала на 870 рублёў (30 базавых велічыняў), бо ў Юліі ёсць 11-гадовае дзіця.
Юрыстка Кацярына Бяссонава таксама хадайнічала аб праглядзе відэа з камер назіранняў. Суддзя адмовіла і зачытала пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку скрыншоты з "заклікамі ва ўдзеле рэпітыцыйнага маршу перад УНС" (Усебеларускім народным сходам). На пытанне, як гэта адносіцца да затрымання, суддзя заявіла: "Тут толькі суд можа задаваць пытанні". Бяссонаву асудзілі на 15 сутак арышту.
Скрыншоты з "заклікамі" дадалі да спраў усіх удзельнікаў экскурсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.