У Мінску з заробку бяздзетнага асуджанага незаконна ўтрымлівалі аліменты
У Мінску з заробку бяздзетнага асуджанага 5 месяцаў незаконна ўтрымлівалі аліменты, інфармуе minsknews.by са спасылкай на пракуратуру Кастрычніцкага раёна сталіцы. Няўважлівасць дапусціла бухгалтар. Насамрэч аліменты мусіў плаціць брат мужчыны.
45-гадовы асуджаны звярнуўся да пракурора раёна на выязным прыёме ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Ён паскардзіўся на несправядлівасць — з яго вылічваюць аліменты на ўтрыманне чужога дзіцяці. Мужчына ніколі не быў жанаты, у яго няма дзяцей. Ён працуе дворнікам у ЖЭУ. Калі ў разліковым лістку асуджаны пабачыў утрыманне грошай, ён спрабаваў разабрацца, але бухгалтар не паказала яму выканаўчы ліст з Баранавіцкага аддзела прымусовага выканання, у якім і згадваўся брат, які ў ЖЭУ не працаваў.
Пракуратура правяла праверку і высветлілася, што сапраўды з мужчыны незаконна былі ўтрыманыя 133 рублі. Іх кіраўніцтва ЖЭУ павінна вярнуць дворніку. А няўважлівую бухгалтарку прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.