У Мінску за два дні па "аўтакаска" падало заявы ўжо 40 чалавек
13 ліпеня на машыну Дар’і Азаравай упала дрэва. І пяць гадоў таму на яе машыну таксама звалілася сухая галіна, хоць тады было звычайнае бязветранае надвор’е.
Гэтая машына была застрахаваная звычайнай абавязковай “аўтаграмадзянкай”. Такі від страхоўкі не прадугледжвае выплату кампенсацыі пасля прыродных з’яваў. Таму на новую машыну Дар’я аформіла “аўтакаска”.
Учора дзяўчына прыехала на машыне на працу. А ў абед падчас навальніцы на аўтамабіль звалілася дрэва.
“Разбітае задняе шкло, уверсе спойлер з ліхтаром і фара адна. Унутры ўся машына была мокрай і поўнай шкла”, — скардзіцца Дар’я.
Першае, што зрабіла гаспадыня машыны, — выклікала кампетэнтны орган. Міліцыя, па словах Дар’і, прыехала вельмі хутка, склала пратакол і напісала заяву пра шкоду. У такіх выпадках можна таксама выклікаць ДАІ або МНС.
З гэтым дакументам, страхавым полісам, тэхпашпартам і грамадзянскім пашпартам цягам трох дзён трэба звярнуцца ў страхавую кампанію.
Пасля гэтага супрацоўнікі страхавой мусяць прыехаць на месца і занесці ў пратакол усе абставіны здарэння. Далей справа вядзецца паміж страхавой кампаніяй і рамонтнай аўтамайстэрняй. Рамонт будзе весціся за кошт страхавой кампаніі.
Уся працэдура аднаўлення машыны Дар’і зойме каля трох тыдняў.
Калі на машыну ўпала дрэва
Спецыяліст Белдзяржстраху па ўрэгуляванні стратаў Валянціна Захарава пацвярджае, што атрымаць страхавую выплату за тое, што на машыну ўпала дрэва ці яе затапіла залевай, можна толькі пры аформленым "аўтакаска". Амаль любая страхоўка гэтага віду будзе пакрываць такія пашкоджанні.
Абавязковая страхоўка, якую маюць усе аўтамабілісты, не дапаможа:
“Гэтая абавязковая страхоўка — толькі на выпадак ДТЗ. Калі адбываецца транспартнае здарэнне, па гэтай страхоўцы адказвае вінаваты. Калі на машыну падае шыфер ці якая-небудзь рэч, тут няма вінаватага, а значыць, грамадзянская адказнасць не наступае”, — гаворыць спецыяліст.
Па яе словах, толькі па Мінску за гэтыя два дні па "аўтакаска" падалі заявы ўжо 40 чалавек. Тэлефанаванняў паступіла каля тысячы.
Каб атрымаць поўную выплату за нанесеную прыродай шкоду, трэба дзейнічаць наступным чынам:
1. Калі бачыце, што на вашую машыну ўпала, да прыкладу, дрэва, спачатку трэба патэлефанаваць ратавальнікам ці ДАІ, каб яны прыехалі і выдалі даведку аб тым, што дрэва ўпала з прычыны моцнага ветру.
2. Пасля ўжо можна тэлефанаваць у страхавую кампанію.
Валянціна Захарава падкрэслівае, што калі не будзе даведкі ад кампетэнтных органаў, памер кампенсацыі адразу зніжаецца да 5-7% ад страхавой сумы.
Калі стыхія пашкодзіла дом
Начальнік упраўлення страхавання Белдзяржстраху Андрэй Капуста кажа, што ў Беларусі ёсць два віды страхавання жылля: абавязковае і добраахвотнае. Усе яны пакрыюць шкоду, нанесеную вашаму дому ўраганам.
“І град, і моцны вецер, і дождж — гэта ўсё падзеі, якія пакрываюцца страхаваннем. Мы за гэта плацім. І цяпер вельмі шмат па ўчорашніх падзеях заяваў паступае”, — супакойвае начальнік упраўлення.
Але звычайна абавязкова страхуюцца толькі прыватныя дамы. Таму пра страхоўку кватэры неабходна паклапаціцца самому. Гэта будзе каштаваць 0,6% ад сумы, на якую вы жадаеце застрахавацца.
Андрэй Капуста гаворыць, што за першую палову дня ў кампанію ўжо паступіла 1000 заяваў на пакрыццё шкоды ад стыхіі.