У Мінску затрымалі трафарэтчыкаў, якія пэцкалі слупы рэкламай наркотыкаў
Супрацоўнікі Дэпартамента аховы ў Мінску затрымалі двух хлопцаў, якія малявалі ў Маскоўскім раёне абвесткі аб працы са спасылкай на Telegram-канал. Міліцыянтам удалося затрымаць маладых людзей якраз, калі яны малявалі чарговую рэкламу на фасадзе жылога дома па вуліцы Голубева, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Як распавядала Еўрарадыё, у сталічным мікрараёне Міхалова прыпынкі грамадскага транспарту, слупы і сцены дамоў былі размаляваныя абвесткамі ад працы са спасылкай на Telegram-канал. Уладальнік гэтага канала прапаноўваў займацца закладкамі наркотыкаў.
Міліцыянты выклікалі затрыманых "мастакоў" на разбіральніцтва. Маладыя людзі прыйшлі на яго п'янымі, за што на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы.
Высветлілася, што 27-гадовыя прыяцелі прыехалі ў Мінск з Пінска. У сацсетцы яны знайшлі групу, дзе прапаноўвалася праца. Ім прапанавалі рабіць праз трафарэт надпісы на будынках у грамадскіх месцах з рэкламай аб працы. Хлопцаў папярэдзілі, што за гэта ім пагражае адміністрацыйная адказнасць, таму маляваць трэба ноччу. Зробленыя надпісы яны фатаграфавалі і адсылалі справаздачу працадаўцу. За кожны надпіс ім належала грашовае ўзнагароджанне.
Цяпер абодвум прыяцелям пагражае адміністрацыйная адказнасць за парушэнне заканадаўства аб рэкламе.
Пра затрыманне іх працадаўцы нічога не паведамляецца. Дарэчы, і сам акаўнт у Telegram па-ранейшаму застаецца актыўным.