У Мінску здымуць кіно пра футбол з зоркай амерыканскага серыяла

У Мінску здымуць кіно пра футбол з зоркай амерыканскага серыяла

Футбольны клуб "Крумкачы", прадзюсар Віталь Астроўскі і рэжысёр Герман Шорах узяліся за распрацоўку маштабнага праекта, вынікам якога стане фільм пра спартоўцаў, зняты, паводле слоў ініцыятараў, па канонах Галівуда. Працоўная назва фільма — таксама ў духу амерыканскіх блокбастараў — "Незламаны"

"Галоўная ідэя — гэта ўпершыню ў Беларусі стварыць фільм на заходні манер, — распавядае Віталь Астроўскі. — То бок, зрабіць не тое, што здымаюць нашы ўсходнія суседзі ці здымалі ў Беларусі раней, а зрабіць фільм менавіта амерыканскага фармату. Наша палітыка — стварыць нешта новае і выдатнае, вывесці беларускае кіно на новы ўзровень".
 

Для ажыццяўлення ідэі каманда збіраецца прыцягнуць у тым ліку замежных інвестараў і спонсараў, бо кіно, падкрэслівае Астроўскі, будзе камерцыйным. 

"Гэта будзе кіно не толькі пра спорт, але і пра жыццё футбаліста, які атрымаў траўму і не змог больш гуляць. ФК "Крумкачы" у фільме сыграе ролю клуба, у якім будзе гуляць галоўны герой", — працягвае прадзюсар. 

Фільм з'явіцца ў дзвюх версіях: па-беларуску і па-руску. Плануецца, што здымаць яго будзе прафесійная зборная каманда рэжысёраў з краін СНД. Таксама стваральнікі вядуць перамовы з зоркай, якая здымаецца ў папулярным амерыканскім серыяле. Бюджэт фільма, кажа Астроўскі, будзе не большым, чым у нашумелага блокбастара "Мы, браты" (а яго, як мы памятаем, знялі за 2,5 мільёна долараў). 

У траўні стваральнікі фільма плануюць правесці ўсеагульны нацыянальны кастынг, у ходзе якога адбяруць акцёраў для галоўных роляў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі